Дунілавічы.Касцёл Святой Тройцы.

Информация

Весь мир / Беларусь / Витебская область / Дуниловичи

Категории: Архитектура, Города и села, Достопримечательности, Храмы

Тэги:

Дата съемки: 03 июля 2017

Автор: Valery Zeliazei


Точки перехода

Места
Помнік архітэктуры барока дунілавіцкі Троіцкі касцёл.
Манументальны помнік архітэктуры барока дунілавіцкі Троіцкі касцёл стаіць у цэнтры мястэчка, што раскінулася на маляўнічай узгоркавай мясцовасці над возерам Свідна, пры старажытным дзяцінцы з Полацка на Вільню. Пабудаваны ў 1769—1773 гг. з цэглы пры двухпавярховым мураваным кляштары дамініканцаў (не збярогся). Асвячоны віленскім біскупам Феліксам Тавяньскім. Да яго тут стаяў драўляны касцёл, заснаваны ў перыяд росквіту дзейнасці ордэна ў 1683 г. па фундацыі Елізаветы Белазёр (Эльжбета Ісайкоўская-Белазор).
У 1866 г. храм канфіскавала маскоўская царква. Насупраць быў пастаўлены драўляны касцёл, які згарэў у 1890 г., пасля чаго было забаронена яго аднаўленне. Таму вернікі па-за мястэчкам збудавалі новы драўляны храм. З 1919 г. зноў дзейнічае як касцёл (на 1932 г. налічваў 7600 парафіян). Вырашаны па каноне трохнефавай двухвежавай базілікай з трансептам і прамавугольнай апсідай. Двухсхільныя дахі крылаў трансепта і цэнтральнага нефа закрыты па тарцах фігурнымі франтонамі. Над развітым антаблементам галоўнага фасада ўзнесены дзве чацверыковыя, са скошанымі вугламі, двух'ярусныя вежы, завершаныя паўсферычнымі купаламі з дэкаратыўнымі ліхтарамі. Паміж вежамі ўзвышаецца фігурны шчыт з валютамі ў аснове, над апсідай — шчыт са складана крапаваным франтонам, выгнутыя фасады бакавых крылаў трансепта таксама завершаны фігурнымі франтонамі. Бакавыя фасады расчлянёны лучковымі вокнамі і спаранымі пілястрамі ў прасценках, будынак апяразаны шырокім прафіляваным карнізам. У аздабленні фасадаў выкарыстаны плоскія і ўвагнутыя пілястры, прафіляваныя цягі, раскрапоўкі, валюты, плоскія лучковыя нішы і вокны. Уваход вылучаны парталам, створаным у XIX ст. у стылі класіцызму. Унутры цыліндрычныя і крыжовыя скляпенні нефаў трымаюцца на падпружных арках паміж імі, насценных пілястрах, размаляваных раслінным арнаментам і картушамі. Апсіда ўпрыгожана двух'ярусным стукавым алтаром. Мастацкую каштоўнасць уяўляе каваная брама агароджы касцельнага пляца, вырашаная ў стылі ракако.
Т.В. Габрусь.
Valery Zeliazei
Карта