Статистика
У 1701 г. кашталян троцкім Міхаіл Казімір Коцел выдаў фундуш на будаўніцтва касцёла ў сваім маёнтку. Пабудаваны касцёл быў перададзены бернардзінцам, якія пазней па фундушу таго ж Коцела пабудавалі побач кляштар. У 1704 г. узведзеныя будынкі былі асвячоны. У канцы XVIII ст. касцёл стаў парафіяльны. Вядома, што пры кляштары знаходзілася школа.
У 1851 г. кляштар скасаваны, у 1866 г. касцёл перароблены пад царкву, а жылы корпус пасля 1863 г. зруйнаваны. У канцы ХІХ ст. руіны кляштара былі разабраны тагачасным уладальнікам мястэчка К. Швыкоўскім. У 1919 г. касцёл вернуты каталікам, у 1948 г. закрыты. Цяпер знаходзіцца ў стане рэстаўрацыі (афіцыйна).
Унутраная прастора касцёла перакрыта цыліндрычнымі скляпеннямі на падпружных арках. Алтар, крылы трансепта і бабінец адкрываюцца ў цэнтральную залу арачнымі праёмамі. Над уваходам — хоры на дзвюх калонах. Часткова захаваліся тры стукавыя надмагіллі роду Коцелаў. У сутарэннях касцёла былі сямейныя склепы Коцелаў і Швыкоўскіх.
Першае ўпамінанне пра Рэпіхава датуецца 1481 годам. Фарміраванне парку ў тым выглядзе, які мы можам убачыць сёння, пачалося не пазней 60-70-х гадоў ХІХ ст. Рэпіхава – прыгожы куточак прыроды. Усяго ў парку налічваецца больш як 50 відаў дрэў, з якіх 20 – экзатычныя. Тут прайшлі дзіцячыя гады Яна Чачота, беларускага і польскага паэта, фалькларыста. Рэпіхава – помнік прыроды мясцовага значэння.
У другой палове 19 ст. вялося фарміраванне пейзажнага натуралістычнага парку ў Рэпіхаве. Ён размешчаны на плошчы больш за 6 га, мае ў плане форму выцягнутага прамавугольніка. Асноўная планіровачная вось кампазіцыі парку — ліпавая алея шырынёй каля 10 м, якая перасякае парк з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход і перарываецца ў цэнтры. Яна была арганізуючай у аглядзе паркавых пейзажаў і выконвала дэкаратыўную ролю.
Паркава-сядзібны комплекс уключаў сядзібны дом, флігель фурмана і кухара, стайню выязных коней, лядоўню, склеп, тэнісную пляцоўку, пляцоўку з кругам і бар’ерам для аб’язджання коней, псярню, сажалкі, агарод, цяпліцы і сад. Збудаванні добра ўпісваліся ў агульны пейзаж. Яны размяшчаліся асіметрычна ў адносінах да алеі, якая звязвала іх і адначасова аб’ядноўвала з вялікім гаспадарчым дваром, што прымыкаў да парку з паўднёва-ўсходняга боку за папярочнай ліпавай алеяй.
За сажалкамі ліпавая алея нечакана абрывалася, і перад вачыма паўставала маляўнічая адкрытая цэнтральная частка парку ў выглядзе вялікай паляны. Акцэнтам перспектывы быў двухпавярховы графскі асабняк, размешчаны ў глыбіні парку. Паляна злёгку прыўзнята, дэкарыравана па перыметры групамі дрэў з удзелам экзотаў. Злева існавала пляцоўка ў выглядзе круга з кветнікам у цэнтры і бегавой дарожкай для аб’язджання коней (участак узараны). Насупраць была стайня выязных коней, абнесеная сеткай (як увесь парк) і дэкарыраваная елкай.
Усяго ў парку адзначана 47 відаў раслін.
- Анатоль Кулагін, Анатоль Федарук
Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла — помнік архітэктуры эклектыкі.
(Мядзведзічы.Касцёл Святых апосталаў Пятра й Паўла,інтэр'ер.)
Пабудаваны з цэглы ў 1908 годзе па праекце архітэктара С. Шылера ў в. Мядзведзічы Ляхавіцкага раёна.
Уяўляе сабой аднавежавую трохнефную базіліку. Цэнтральны неф падоўжаны пяціграннай алтарнай часткай. З двух бакоў да яе прылягаюць рызніцы. Галоўны фасад мае ступеньчатую ярусную структуру. Выступы па баках фасаду згладжаныя валютамі. Нефы перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі, упрыгожанымі дэкаратыўным арнаментам.
3 1850 г. фарміруецца палацава-паркавы ансамбль у Савейках. Парк займае плошчу каля 10 га. Яго парадная частка мае сіметрычную кампазіцыю. Уязная алея, утвораная елкай і клёнамі, даўжынёй больш за 450 м., перасякаецца з папярочнай алеяй сядзібы і выходзіць на вялікі, ідэальна роўны парадны партэр. У цэнтры яго традыцыйны эліпс, абмежаваны дарогай і з боку ўезду падкрэслены пасадкай лістоўніцы еўрапейскай. Па перыметры цэнтральная частка партэра была абсаджана ружамі. Зараз яго акружае фармавы бардзюр са спірэі. 3 заходняга боку за невялікімі групамі дрэў знаходзіцца прамавугольнай формы сажалка, па берагах якой растуць вярба і ясень. Іх адбітак у вадзе і святлацені як бы павялічваюць паркавую прастору.
За палацам, адбудаваным у 1959 г. ў стылі неакласіцызму, размешчана пейзажная частка парку. 3 балкона будынка адкрываецца перспектыва на ландшафт парку, якая завяршаецца сажалкай з астравамі. Уздоўж кампазіцыйнай восі (яна падкрэслена сучаснай пасадкай пузыраплодніка каліналістага) чаргуюцца невялікія паляны і групы дрэў, пераважна ліпа і клён. Лістоўніца еўрапейская, конскі каштан і іншыя пароды пасаджаны з улікам асаблівасцей іх дэкаратыўных якасцей на працягу сезона. У большасці груп дамінуючым відам з’яўляецца лістоўніца. Дрэвы ў другім ярусе маюць падначаленае значэнне. У глыбіні парку вакол цэнтральнай паляны вырысоўваюцца самастойныя групы дрэў. Сярод іх пераважае лістоўніца (дрэвы пасаджаны на адлегласці 1—2 м адно ад аднаго), ёсць клён, граб, быў конскі каштан. Ва ўсходняй частцы на месцы былога саду створаны суцэльны грабавы масіў. Падобны да яго прыродны масіў з граба вырас і з паўднёва-ўсходняга боку. 3-за высокай шчыльнасці пасадкі ў насаджэннях няма наглебавага покрыва.
Парадны характар сядзібы не выключаў яе ўтылітарнасці. За сядзібным домам у парку размяшчаліся лядоўня, калодзеж. На адной з палян вырошчваліся клубніцы, на востраве — маліна.
Кулагін, А. Нашчадкі часу [фрагмент] / Анатоль Кулагін, Анатоль Федарук.
Шча́ра (афіц. транс.: Ščara) — рака ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях Беларусі, левы прыток р. Нёман. Даўжыня 325 км. Вадазбор 6990 км². Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,2 ‰. Агульнае падзенне ракі 77,7 м.
Пачынаецца на Навагрудскім узвышшы з возера Калдычава, упадае ў раку Нёман за 2 км на паўднёвы усход ад в. Дашкаўцы Мастоўскага раёна. Суднаходная ад аграгарадку Быцень (за 155 км ад вусця) у паўнаводны перыяд. Праз Выганашчанскае возера злучана Агінскім каналам з ракой Ясельдай (басейн Прыпяці).
Веснавое разводдзе пачынаецца ў пачатку сакавіка і доўжыцца ў сярэднім 65—80 сутак; ускладняецца нераўнамернасцю снегараставання і выпадзеннем дажджоў. Сярэдняе перавышэнне найвышэйшага ўзроўню над летне-асенняй межанню 1,8 м. Замярзае ў канцы снежня (найбольшая таўшчыня лёду 40—65 см), крыгалом у сярэдзіне сакавіка.
Паводле будовы даліны, рэчышча і ўмоў працякання Шчара падзяляецца на 2 участкі. Ад вытоку да ўпадзення р. Грыўда даліна трапецападобная (шырыня 1,5 км), са стромкімі схіламі вышынёй 15—20 м, пойма нізкая, забалочаная і куп′істая, перасечана асушальнымі каналамі. Шырыня разліву ад 200 м да 3 км. Ад вусця Агінскага канала пойма парэзана сеткай каналаў, па якіх (і па Агінскім канале) у веснавое разводдзе адбываецца пераліў вады з Шчары ў воз. Выганашчанскае.
Рэчышча звілістае, акрамя каналізаваных участкаў у вытоку і перад упадзеннем Грыўды; яго шырыня 15—30 м, месцамі да 60 м. Берагі нізкія, пераважна тарфяністыя. На ўчастку ад упадзення р. Грыўда да вусця даліна трапецападобная, яе шырыня 3—5 км. Схілы стромкія, вышынёй 10—20 м, месцамі 35—40, у ніжнім цячэнні спадзістыя. Пойма забалочаная, яе шырыня ў пачатку ўчастка 1,5 — 2,5 км, у сярэдняй частцы 0,5—0,8 км, у ніжняй 50—300 м.
На паўночнай ускраіне вёскі Ішкальдзь, на невялікім пагорку. Пабудаваны ў 2-й палавіне 15 ст. з цэглы. Дзейнічае.
Паводле інвентара, храм асвячоны ў 1472 г.
Апісанне 1782 г. называе касцёл старасвецкім, адзначае высокі дах, старадаўняе скляпенне, аднабаковае размяшчэнне вузкіх вокнаў. У 1866 г. набажэнствы ў храме былі забаронены. У 1868 г. пры ўладальніку маёнтка Вітгенштэйне храм пераасвячоны ў прыходскую Свята-Троіцкую царкву (пастаўлены іканастас, надбудаваны 2 цыбульчатыя галоўкі, адасоблена пастаўлена драўляная званіца). Адлюстраваны на малюнку Н. Орды 1876 г. У 1898 г. пабудавана драўляная царкоўна-прыходская школа. У канцы 19 ст. побач з храмам стаяла драўляная 4-слуповая званіца пад гонтавым дахам. У 1918 г. храм зноў вернуты католікам. У 1969 г. закрыты. У 1970-я гг. рэстаўрыраваны, вернуты вернікам.
Храм — архітэктурна-гістарычны рарытэт сярэдневяковай позняй готыкі на Беларусі. Яго самабытная архаічная архітэктурна-стылёвая трактоўка і масіўная пластыка па структурнай і дэкаратыўнай аснове знаходзіцца ў агульным рэчышчы з абарончымі храмамі Заходняй Еўропы. Кампактны прамавугольны ў плане аб'ём (агульная даўжыня 26,4 м, шырыня 13,6 м) з 5-граннай апсідай і бакавой 2-павярховай сакрысціяй (наверсе размяшчалася скарбніца) з цыліндрычнай вежай накрыты высокім стромкім дахам (у 2-й палавіне 19 — пачатку 20 ст. па цэнтры меў цыбулепадобны купал на 8-гранным барабане). Выцягнутая апсіда накрыта дахам з вальмамі над гранямі. Археалагічныя знаходкі старажытнай дахоўкі сведчаць аб першапачатковым пакрыцці дахаў чарапіцай з зялёнай палівай. Прастора кафалікона падзелена чатырма слупамі і сістэмай падпружных арак на тры нефы, бакавыя з якіх удвая больш вузкія за цэнтральны.
У цэнтры вёскі Паланэчка, непадалёк ад палаца Радзівілаў, стаіць прыгожы драўляны Юр'еўскі касцёл, узведзены ў 1899 г. Папярэдні касцёл быў пабудаваны ў 1751 г. таксама з дрэва па фундацыі біскупа Жалкоўскага. У гэтым касцёле хрысцілі Iгната Дамейку. Новы храм пабудаваны паводле праекта 1895 г. варшаўскага архітэктара К.Вайцяхоўскага.
Касцёл атрымаў рысы неаготыкі і мадэрна. Прамавугольны ў плане асноўны аб'ём з 5-граннай апсідай, да якой сіметрычна далучаны 2 нізкія сакрысціі, накрыты 2-схільным дахам з прагінам і завершаны над апсідай меньшым 2-схільным дашкам з крыжам. Апсіда мае гранёнае вальмавае пакрыццё. Галоўны заходні фасад фланкіраваны 2 чацверыковымі шатровымі вежамі, паміж якімі франтон з акном-ружай. Уваход аформлены 2-слуповым ганкам пад 2-схільным навесам.
Гарызантальна ашаляваныя бакавыя фасады рытмічна расчлянёны высокімі стральчатымі аконнымі праёмамі і ступеньчатымі контрфорсамі ў прасценках. У дэкоры выкарыстаны накладны геаметрычны арнамент, які апяразвае карніз на дэнтыкулах, фігурная шалёўка, гатычныя пераплёты вокнаў.
Унутры зала перакрыта бэлечнай столлю. Пры ўваходзе на 6 слупах хоры з арганам, выкананым віленскім майстрам Ф. Астрамецкім у 1897 г. 2-ярусны драўляны алтар фланкіраваны карынфскімі калонамі. Яго бакавыя абразы і прафіляваны цокаль дэкарыраваны пышным віццём аканту. У алтары 2 чыгунныя мемарыяльныя дошкі 1829 г. і 1836 г., прысвечаныя роду Радзівілаў.
Крыніца:
А.М. Кулагін
Каталіцкія храмы на Беларусі
Мінск, Беларуская Энцыклапедыя, 2000
У XVI ст. сядзіба ўваходзіла ў склад уладанняў князёў Сапег. Затым сядзіба пераходзіла Завішам, Агінскім. Паводле Інвентару 1696 г., маёнткам валодалі Мікалай і Кацярына Агінскія. Апошнім уладальнікам з Агінскіх усяго так званага "бакштанскага графства" быў гетман Міхал Казімір (1730-1800), які не меў спадчыннікаў. У склад графства ўваходзілі і суседнія Смілавічы. Фактычна маёнткам кіравалі арандатары: Станіслаў Манюшка, дзед вядомага кампазітара, і Францішак Ашторп, сын шведскага салдата войска Карла XII, які асеў на Меншчыне. Знаходзячыся ў сваяцтве, яны мелі поўную волю дзеянняў і, выплачваючы М. К. Агінскаму гатункай неабходныя грошы, самі настолькі разбагацелі, што ў выніку сталі ўладальнікамі названых маёнткаў.
У 1791 г. адбыўся падзел: па жэрабі (кідалі манету) Манюшка атрымаў Смілавічы, Ашторп - Дукору. Паколькі ў Смілавічах быў знакаміты касцёл, Манюшка, каб ураўнаваць умовы падзелу, меўся вылучыць сродкі на будаўніцтва касцёла ў Дукоры і пабудаваў яго.
З Гарцінгамі звязаная новая эпоха ў развіцці маёнтка. Даволі вялікая сядзіба Ашторпаў-Гарцінгаў займае тэрыторыю каля 16 га (разам з садамі і гаспадарчымі пабудовамі - 40 га). Яна ўключала класіцыстычны палац, парк, сад, уязную браму, два флігеля. Пры маёнтку меліся вадзяны млын, тры корчмы, кузня, лядоўня, свіран, бровар і шматлікія гаспадарчыя пабудовы.
Палац быў каменным, двухпавярховым, на нізкім цокалі. Галоўны фасад аформлены манументальным чатырохкалонным порцікам. Пазней да абодвух тарцоў будынка былі прыбудаваны вузкія крылы. Прыбудовы мелі шырокія аконныя праёмы і прызначаліся для аранжарэі і зімовага саду. У правым крыле размяшчалася дамавая капліца. Ужо адзін зімовы сад сведчыў аб багацці гаспадара.
У Паланэчцы над невялікай р. Дзвеяй (Змейкай), прытокам р. Ушы захаваўся ўнікальны палацава-паркавы ансамбль. Землі маёнтка Паланэчка належалі ў 1428 г. Ульяне Гальшанскай, жонцы вялікага князя ВКЛ Вітаўта, затым — роду Рудамінаў-Душацкіх, а з 2-й паловы XVIII ст. да 1939 г. Паланэчка была ва ўласнасці Радзівілаў.
Першым уладальнікам яе стаў князь Мацей Радзівіл (1749—1800), кашталян віленскі, знакаміты паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч ВКЛ, павенчаны з Альжбетай з заможнага роду Хадкевічаў. Затым Паланэчкай валодалі сын Мацея Канстанцый (надзвычай адукаваны чалавек, узначальваў антыпрыгонніцкае Патрыятычнае таварыства на Літве, шмат зрабіў для развіцця беларускай культуры), потым яго ўнук, таксама Мацей, і сын Мацея Альберт Станіслаў (1858—1927), які выехаў у Амерыку, перапісаўшы сядзібу брату Уладзіславу Радзівілу (1909), павенчанаму з князёўнай Ганнай Марыяй Чартарыйскай. Яны былі апошнімі гаспадарамі Паланэчкі. Ансамбль уключаў палац, аранжарэю, уязную браму, млын, парк, капліцу-пахавальню. Пабудаваны ў канцы XVIII — пачатку XIX ст. у стылі ампір, палац быў вядомы раскошай і ўбранствам, вельмі багатай бібліятэкай, архівам і калекцыямі мастацкіх твораў і манет.
Ідэалагічна-праграмная аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя храма.
(Вольна. Царква Святой Тройцы, інтэр'ер (1768 г.).)
Унутраная прастора 4 слупамі падзелена на 3 перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі нефы, сярэдні з якіх пераходзіць у працяглую паўкруглуіо апсіду. Апошняя вылучана мураванай алтарнай перагародкай у выглядзе спараных калон, якія нясуць раскрапаваны антаблемент, на якім змешчана скульптурная група анёлаў. Алтар дэкарыраваны скульптурай, ляпнымі гірляндамі, вынасным тонкапрафіляваным карнізам. Перад алтарнай перагародай у пачатку 20 ст. пастаўлены драўляны 2-ярусны іканастас у рэтраспектыўна-рускім стылі 2-й палавіны 19 ст. Інтэр'ер упрыгожаны насычанай архітэктурнай пластыкай — раскрапоўкамі, пілястрамі з багатымі капітэлямі, кубкамі, фестонамі. У паўночнай сцяне зроблены ўсход на кафедру барочнага амбона, над балдахінам якога ўзвышаецца скульптура Майсея. У заходняй частцы залы знаходзяцца хоры на 2 слупах і крыпта, звязаныя з малітоўнай залай вітой лесвіцай паўднёва-заходняй вежы.
Перейти к странице: