Статистика
Палацава-паркавы ансамбль Хмараў. Сёмкава (Сёмкаў Саламарэцк). Год пабудовы (перабудовы): XVIII-XIX
( Сёмкава (Сёмкаў Саламарэцк). Сядзібы Хмараў.XVIIIв.#1.)
Сядзіба ўзнікла пры даўнім менска-віленскім тракце. У 16 ст. Сёмкаў з'яўляўся ўладаннем князёў Саламарэцкіх. У 1640 г. перайшоў у якасці пасагу да Багдана Стэткевіча. Потым маёнтак належаў Сапегам. Рэнесансная сядзіба 1-й паловы 17 ст., паводле Інвентара 1646 г., мела жылыя і гаспадарчыя пабудовы. Яе памеры сведчаць аб заможнасці гаспадароў. Гаспадарчы двор уключаў абору, тры свірны (адзін з якіх быў двухпавярховым), кухню, склеп, пякарню, валоўню, бровар.
Сядзібны дом, як і дом эканома, быў аднапавярховым, меў вальмавы дах. Дзве ягоныя аднолькавыя паловы, кожная з якіх мела жылое памяшканне, камору і тамбур аб'ядноўваліся сенцамі. Невялікі будынак вянчала двухпавярховая вежа пад вальмавым дахам - тыповы элемент тое эпохі. Ён выконваў абарончую ролю і служыў уваходным тамбурам.
У 1755 г. Міхал Сапега падараваў маёнтак Адаму Хмаре герба Крыўда. Апошні ў 1757 г. выкупіў у Міхала Сапегі і яго жонкі Аляксандры маёнтак Зацень і стаў ўладальнікам вялізных зямель у 10 тыс. валокаў. Блізкасць да Сапегаў дапамагла яму зрабіць бліскучую кар'еру - ад нязначнай пасады лоўчага да менскага ваяводы. Хмара ў якасці сеймавага пасла быў узнагароджаны ордэнам Белага Арла і Св. Станіслава. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай прысягаў Кацярыне ІІ, ад якой пазней атрымаў тытул тайнага саветніка і ордэн А. Неўскага. ...
А.Т. Федорук
Старинные усадьбы Минского края
Минск, Полифакт-Лекция, 2000
Парафіяльны касцёл Раства Дзевы Марыі і св. Станіслава(перабудаваны).
(Сёмкаў Гарадок. Касцёл Раства Дзевы Марыі і св. Станіслава (перабудаваны).)
Парафіяльны касцёл Раства Дзевы Марыі і св. Станіслава змураваны пасля 1791 г. па фундацыі ўладальніка маёнтка Адама Хмары. У 1866 г. храм перададзены пад праваслаўную царкву Раства Прасьв. Багародзіцы. Служба вялася да 1959 г. Пазней амаль зруйнаваны, а сёння намаганнямі Беларускае Праваслаўнае Царквы знаходзіцца ў стане рэканструкцыі.
Касцёл мае выразныя рысы барочнага класіцызму. Аднанефавае прамавугольнае ў плане збудаванне, узведзенае напрыканцы XVIII ст., набыло ўжо нехарактэрныя для беларускага барока прысадзістыя прапорцыі, першапачаткова было накрыта двухсхільным дахам, па вышыні амаль роўным нефу, з магутнымі франтонамі на абодвух тарцах. Ніжнюю частку галоўнага фасада па вертыкалі дзялілі шырокія руставаныя лапаткі, якія працягваліся вышэй на фігурным барочным франтоне і завяршаліся драўлянымі вазамі-пінаклямі. Цэнтральную частку фасада вылучаў накладны класіцыстычны трохвугольны франтон, над якім у цэнтры тымпана асноўнага франтона знаходзілася гарэльефная кампазіцыя «Усебачнае вока». Архітэктурнае вырашэнне святыні ў цэлым вызначаецца важкасцю і сухаватым рацыяналізмам.
Унутры ў межах строга прамавугольнага перыметра вылучаны тры асноўныя часткі храма: нартэкс, кафалікон і алтар. 3 усходняга боку кафалікон скруглены мураванай перагародкай, па-за якой утвораны прамавугольная ў плане алтарная прастора і сіметрычныя няроўнабаковыя сакрыстыі. У бакавых падугах мураванай перагародкі зроблены нішы-табернакулы. Усё гэта надавала інтэр'еру познебарочную пластыку.
Т.В. Габрусь
Мураваныя харалы
Мінск, "Ураджай", 2001
У цэнтры вёскі. Пабудаваны ў 1825 г. з цэглы на месцы згарэўшага драўлянага касцёла 1641 г., пастаўленага падканцлерам Вялікага княства Літоўскага Казімерам Львом Сапегам. Касцёл абгароджаны парканам з 3-арачнай мураванай брамай, выкананай у неарускім стылі. У вуглу агароджы перад касцёлам пастаўлена драўляная 2-ярусная шатровая званіца. Дзейнічае.
Помнік архітэктуры позняга класіцызму. Прамавугольны ў плане аб'ём накрыты 2-схільным дахам з вальмамі над 3-граннай апсідай. Галоўны фасад — характэрны для позняга класіцызму порцік з 4 парамі калон і высокім 3-вугольным франтонам. Стральчатыя аконныя праёмы ў простых ліштвах, як і контрфорсы, якія ўмацоўваюць прасценкі бакавых фасадаў, — вынік уплыву рэтраспектыўнай готыкі. Франтон завершаны шатровай ліхтаром-званічкай, яго тымпан расчлянёны лучковым аконным праёмам і круглымі люкарнамі.
Унутры шырокі неф, у якім вылучаны самастойныя аб'ёмы сакрысцій, перакрыты сегментным драўляным скляпеннем, бакавыя сцены крапаваны пілонамі. У 1905—09 гг. устаноўлены 3 драўляныя разныя алтары і амбон, перанесеныя з касцёла бенедыкцінак у Нясвіжы. Галоўны алтар — 2-ярусны, на высокім цокалі. Чатыры калоны 1-га яруса (па 2 абапал алтарнай карціны «Праабражэнне») нясуць раскрапаваны прафіляваны антаблемент з накладной разьбой. У нішах паміж калонамі — драўляная скульптура. У 2-м ярусе (вакол алтарнай карціны «Святая сям'я») — скульптурная група анёлаў.
Бакавыя алтары (1745 г.) па кампазіцыі аналагічныя цэнтральнаму, але меншыя памерамі. Матывы разьбы: вінаградная лаза з гронкамі, разеткі, ракавіны, пальметкі, акант, стылізаванае лісце, галоўкі анёлаў і фантастычныя рыбіны. Сярод скульптур 18 ст. — «Св. Станіслаў» і «Маці Божая з дзіцем», устаноўленыя на кранштэйнах абапал цэнтральнага алтара. Амбон выкананы ў стылі ракако (абноўлены ў 1893, 1959, 1979), дэкарыраваны скульптурамі 4 евангелістаў у экспрэсіўных ракурсах, херувімамі, маскаронамі, паляўнічымі атрыбутамі, а таксама картушамі і медальёнамі ...
А.М. Кулагін.
Архітэктурны стыль касцёла ўяўляе сабой поздняе барока.
(Заслаўе. Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі #1.)
Мураваны касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі пабудаваны годзе на сродкі Антонія Тадэвуша Пшаздзецкага (1718-72), уладальніка Заслаўскага графства. Будаўніцтва асноўнага масіва касцёла адбылося паміж 1760 г., калі Антоній завяршыў маёмасныя справы па набыцці графства, і 1772 г., калі магнат памёр у Варшаве.Асвечаны касцёл быў у 1779 годзе. Існуе версія, што аздабленнем храма кіраваў наняты Пшаздзецкімі італьянскі дойлід Джавані Батыста Спампані.Будаўніцтва асноўнага масіва касцела адбылося паміж 1760 г., калі Антоній завяршыў маемасныя справы па набыцці графства, і 1772 г., калі магнат памер у Варшаве.
Касцел ёсць аднанефным збудаваннем з выцягнутай апсідай прэсбітэрыя. Па баках да храма прымыкаюць дзве сакрыстыі. Устойлівасць значнага па вышыні нефа забяспечана масіўнымі (да 2 м таўшчыней) сценамі, травеі якога перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі. Пры дапамозе сістэмы распалубак і падпружных арак скляпенні абапіраюцца на пілястры карынфскага ордэра. Дамінантай архітэктурна-вобразнай кампазіцыі касцела, аднесенага мастацтвазнаўцамі да шэрагу значных помнікаў позняга барока, з'яўляецца галоўны – заходні – фасад, які адрозніваецца гнуткай глыбінна-прасторавай структурай.
Яго цэнтральны аб'ем завяршаецца сплошчанай вежай-званіцай, надбудаванай пад час рэстаўрацыі напачатку 1990-х гг. Але варта заўважыць, што дакументаў, якія б дапамаглі выявіць першапачатковае завяршэнне галоўнага фасада храма, да гэтага часу не знойдзена, таксама як не пацверджаны ўдзел Спампані ў яго стварэнні.
Ролю сакральнага цэнтра інтэр'ера выконвалі тры алтары. Галоўны быў мураваным, аздобленым ляпным дэкорам, у ім знаходзіўся абраз Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Бакавыя алтары, драўляныя, упрыгожаныя разьбой, дапаўнялі галоўную святыню вобразамі ўкрыжаванага Хрыста і святога Антонія.
Пасля паўстання 1863 года храм быў перададзены праваслаўнай царкве і асвечаны ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы (1868 г.). Неўзабаве пасля гэтага касцельны будынак прыцярпеў значную перабудову.
Валожын.Касцёл Святога Юзафа рамесніка (Касцёл Святога Іосіфа) помнік архітэктуры класіцызму.
(Валожын.Касцёл Святога Юзафа рамесніка.)
Пабудаваны па праекце А. Касакоўскага[1] на месцы старога драўлянага кляштарнага касцёла, які згарэў у 1815 г. У 1864 г. зачынены расійскімі царскімі ўладамі і перабудаваны пад праваслаўную царкву. У 1921 г. храм зноў стаў каталіцкім. Пасля Другой сусветнай вайны царкву зачынілі па загаду савецкіх улад. У будынку знаходзілася вытворчае памяшканне, размяшчаліся склады. Вернуты каталікам у канцы XX ст.
Касцёл уяўляе сабой манументальны цагляны прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Трохнефавы, перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі. На галоўным фасадзе — порцік дарычнага ордара з шасцю пастаўленымі на кубічныя цокалі калонамі і трохвугольным франтонам. У нішах некалі стаялі велічныя скульптуры евангелістаў.
Інтэр'ер храма прасторны і напоўнены святлом. Галоўны алтар асвячоны ў імя Святога Іосіфа, маюцца яшчэ чатыры алтара паменш, захаваўся арган. Пад хорамі размяшчаўся сямейны магільны склеп Тышкевічаў, дзе быў пахаваны і заснавальнік храма І. Тышкевіч.
Побач з касцёлам асобна размешчана брама-званіца. Масіўная трохпралётная аркада з фігурнымі контрфорсамі па баках. У арках брамы навешаны тры бронзавыя званы.
Пабудаваны ў 1806 г. у Валожыне, на ўзвышаным беразе р. Валожынка. Размешчаны па адрасе пл. Свабоды, 4, 17, 19. Выкарыстоўваецца як адміністрацыйны будынак.
Уладальнікам маёнтка Валожын і ініцыятарам будаўніцтва мураванага палаца ў стылі класіцызм быў граф Юзаф Міхалавіч Тышкевіч(польск.) бел. (1724—1815), а архітэктарам — А. Касакоўскі. Уваходзіў у ансамбль колішняй Рыначнай плошчы. Палацавы комплекс арганізаваны па традыцыйнай схеме: аднапавярховы мураваны палац, бакавыя флігелі (афіцына і аранжарэя) утвараюць прамавугольны парадны двор.
Архітэктар знайшоў надзвычай удалае кампазіцыйнае вырашэнне, якім гарманічна аб'яднаны двухпавярховая цэнтральная частка з чатырохкалонным порцікам і бакавыя крылы-карпусы[1]. Стрыманы дарычны ордар, выкарыстаны ў будынку, надаў яму ўрачыстую важкасць, падкрэсленую параднасць. Апрацоўка сцен бакавых аб'ёмаў больш дробная ў параўнанні з лаканічным порцікам[1]. Галоўны акцэнт зроблены на чаргаванні пілястраў з дарычнымі капітэлямі[1].
Палац і флігель — прамавугольныя ў плане аднапавярховыя будынкі з калідорнай планіроўкай, іх цэнтральныя часткі з мансардамі вылучаныя чатырохкалоннымі дарычнымі порцікамі Будынкі пастаўленыя на высокім цокальным паверсе, апрацаваным рустам.
Будынак аранжарэі, накрыты двухсхільным вальмавым дахам са сферычным купалам у цэнтры, мае сіметрычную кампазіцыю. Франтальныя фасады рытмічна расчлянёныя прамавугольнымі вокнамі, у цэнтры вылучаныя рызалітамі з трохвугольнымі франтонамі і завершаныя развітым антаблементам. У дэкоры выкарыстаны прафіляваныя сандрыкі, пілястры. Да ўваходу вядзе вялікая каменная лесвіца. Галоўнае месца ва ўнутранай калідорнай планіроўцы адводзілася двухсветлавой параднай зале другога паверху.
Перад палацам быў разбіты рэгулярны парк, які спускаўся да ракі.
Магнацкая дынастыя Храптовічаў валодала мястэчкам цэлых тры сотні гадоў, пачынаючы з далёкага XVI стагоддзя. Сядзіба насіла імя іх радавога герба «Адрывонж».
Вішнёва быў добра развітым прамысловым цэнтрам. Тут упершыню на тэрыторыі Літвы запрацавала даменная печ. Акрамя таго, намаганнямі кіравальнай дынастыі тут у свой час разгарнулі дзейнасць металургічны і вінаробны заводы, прадпрыемства па вытворчасці ганчарных вырабаў, сукнавальня, вадзяны млын.
Акрамя добра развітай прамысловасці, Вішнёва славілася і сваімі паляўнічымі ўгоддзямі. Менавіта таму напачатку XX стагоддзя Храптовічы пачынаюць будаванне рэзідэнцыі ў Вішнёва, якую інакш, як «паляўнічы палац», не звалі. Комплекс паражаў сваёй тэрыторыяй – яна складала 50 гектараў. Вакол сядзібы выкапалі канал, які надаваў ёй некаторае падабенства з абкружаным ровам сярэднявечным замкам.
Да паляўнічага дому вялі адразу тры пад'езныя дарогі. Усе заезды былі абаронены варотамі, каля якіх пабудавалі паляўнічыя вартоўні. Практычна нічога з гэтага не захавалася – толькі брама, якая вяла да галоўнага, параднага ўваходу ў сядзібу.
У цэнтры кампазіцыі, традыцыйна размяшчаўся непасрэдна сам палац. Хоць яго і звалі «паляўнічым домікам», усё ж змяншальна-ласкальны суфікс не зусім прымянiмы да раскошнага двухпавярховага будынка, разыначкай якога з'яўляўся назіральны дах. Дом, які, дарэчы, захаваўся да нашых дзён, абкружалі дрэвы.
Шырокая тэрыторыя сядзібы была занята паркам, у якім у перыяд росквіту расло каля 70 тысяч відаў раслін! На яго краі размяшчалася аранжарэя, акрамя таго, у свой час у парку знаходзілася вальера, у якой трымалі зграю паляўнічых сабак.
Ад дагледжанасці пасадкі цяпер не засталося і следу, таму што падчас Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі сядзібы Храптовічаў кватараваўся нямецкі полк, а ў самім доме быў размешчаны штаб. У памяць пра гэта пры наведванні сядзібы можна паглядзець на ўсталяваны тут мемарыяльны знак. У наш час парк больш напамінае невялікі лес.
Гід па Беларусі VETLIVA.
Могілкі вайсковыя часоў 1-й сусветнай вайны.
(Дзесятнікі.Могілкі вайсковыя часоў 1-й сусветнай вайны.)
Могілкі 1-й сусветнай вайны знаходзяцца на ўскраіне вёскі Дзесятнікі ў маляўнічым месцы на пагорку ля выгіну р. Альшанка.
Могілкі ўпарадкаваны "за польскім часам" у 1922 г. Тады ж з бутавага каменю быў змураваны помнік палеглым вайскоўцам. Помнік - вежападобны 8-гранны ў сячэнні аб'ём на высокім ступеньчатым цокалі. Вуглы вылучаны масіўнымі лапаткамі. У завяршэнні паўсферычнае купальнае пакрыццё са скульптурнай выявай арла. У аснове купала буйны антаблемент з дэнтыкуламі. У беларускіх крыніцах помнік лічыцца за капліцу, а могілкі - за нямецкія. Але ж значная частка пахаванняў - гэта магілы як пайменных, так і невядомых жаўнераў расейскае арміі. Сустракаюцца пахаванні аўстрыйскіх вайскоўцаў.
Касьцёл Найсьв. Панны Марыі знаходзіцца на заходняй ускраіне мястэчка, на высокім пагорку левага берага р. Альшанка на месцы драўлянага храма, заснаванага ў 1424 г. вялікім князем Вялікага княства Літоўскага Вітаўтам. Мураваны храм пабудаваны ў 1637—41 гг. па фундацыі ваяводы навагрудскага Юрыя Літавора Храптовіча (пахаваны ў крыпце правай капліцы), асвячоны ў 1675 г..
Сучасная аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя касцёла склалася ў выніку некалькіх будаўнічых этапаў. У 1771 г. пасля пажару ён быў адноўлены на сродкі А.Храптовіча: да перадалтарнай травеі прыбудаваны квадратныя ў плане капліцы (адна з іх перакрыта купалам). У 1906 г. да раней бязвежавага галоўнага фасада прыбудаваны вузкі двухвежавы нартэкс у псеўдабарочным стылі. 3 1953 г. набажэнства ў касцёле вядзецца на беларускай мове....
У тэхніцы вохрыстай грызайлі выканана арнаментальная размалёўка скляпенняў, падпружных арак і сцен (мастак Ф. Рушчыц). Галоўны драўляны алтар сярэдзіны 18 ст. ў барочна-ракайльных формах: 2-ярусны, на фігурным пастаменце, дэкарыраваны лісцем аканта, накладнымі разнымі ракайлямі....
Першы ярус вырашаны 2 парамі размешчаных уступам канеліраваных слупоў, што нясуць крывалінейны шматпрафіляваны і крапаваны антаблемент, у завяршэнні якога — ракайльны картуш. Другі ярус — шчыт з загнутымі ў валюты гранямі і разной кампазіцыяй «Глорыя» ў цэнтры. Алтар дэкарыраваны драўлянымі скульптурамі евангелістаў, анёлаў, вазамі, 8-падобнымі завіткамі. Аналагічна трактаваны 2 бакавыя алтары прэсбітэрыя з гіпсавымі скульптурамі Панны Марыі (злева) і Езуса (справа). У тэхніцы фрэскі выкананы ілюзорны алтар паўночнай капліцы з сюжэтнай фрэскай-каршнай у цэнтры. У фігурных ракайльных абрамленнях сюжэтныя фрэскі на люнетах цыліндрычнага скляпення апсіды. У верхняй частцы сцен нефа таксама размешчаны 3 фрэскавыя карціны на сюжэты «Уваскрэсенне Лазара», «Пакаяннё Марыі Магдаліны», «Прыход сына да бацькі»....
Крыніца:
А.М. Кулагін
Каталіцкія храмы на Беларусі
Мінск, Беларуская Энцыклапедыя, 2000.
Касцёл Святой Тройцы — помнік архітэктуры неаготыкі ў г.п. Зэльва. Пабудаваны ў 1913 г. (архітэктар Іосіф Піус Дзяконскі).
Трохнефны аднаапсідны дзвюхвежавы мураваны будынак мае сіметрычна-восевую кампазіцыю, у якой дамінуюць двух'ярусныя масіўныя вежы, завершаныя складанымі па малюнку канічнымі шпілямі (першы ярус квадратны ў плане, другі — васьмігранны з вузкімі паўцыркульнымі праёмамі). Асноўны аб'ём накрыты высокім вальмавым дахам з двухпрыступкавай навіссю на галоўным фасадзе. Уваход вырашаны ў выглядзе адкрытай галерэі з шырокімі паўцыркульнымі і вузкімі стральчатымі праёмамі, партал уваходу з трохвугольным завяршэннем. Сцены асноўнага аб'ёму і пяціграннай алтарнай апсіды ўмацаваныя контрфорсамі, прарэзаныя стральчатымі вокнамі. У 1960-я гады касцёл быў перададзены калгасу імя Леніна, тут было сховішча збожжа, з 1988 г. — склад райспажыўсаюза.
Парафія створана ў 1407 г., сённяшні касцёл пабудаваны i асвечаны ў 1913 г., зачынены ў 50-х гг. i прыстасаваны пад краму, вернуты ў 1989 г.
5 цікавых фактаў з гісторыі зэльвенскага касцёла:
У 1950-я гады, у эпоху сталінізму, касцёл у Зэльве зачынілі і выкарыстоўвалі ў якасці крамы і складскіх памяшканняў (збожжасховішча) калгасу ім. Леніна.
Троіцкі касцёл вярнулі каталікам у 1989 годзе. З інтэр'ерных упрыгожванняў захаваліся толькі распяцце і фігура Лурдскай Божай Маці, што было ўспрынята вернікамі як цуд.
Касцёл нанова асвяцілі ў 1989 годзе. З 1991 года ў ім адпраўлялі імшы святары місіянерскага Ордэна Кларэцінаў, вядомыя сваёй асветніцкай дзейнасцю, у тым ліку ў СМІ.
У адноўленым касцёле ўстаноўлены маляўнічыя вітражы з фігурамі святых. А вось электронны арган у касцёле адразу не прыжыўся: выйшаў з ладу пасля ўдару маланкі. Пасля гэтага на касцёльным шпілі паставілі громаадвод і набылі новы арган.
У 2013 годзе каталіцкая парафія Найсвяцейшай Тройцы налічвала больш за 1150 чалавек, у тым ліку 150 дзяцей, якія вучацца ў школе пры касцёле. Імшы адпраўляюцца на беларускай мове.
Перейти к странице: