Статистика
Сёння, гледзячы на разваліны замка, цяжка паверыць, што лічылі гэты замак прыгажэйшым у Літве.
(Гальшаны. Замак Сапегаў, руіны.)
Гальшанскі мураваны замак, узведзены ў першай палове ХVІІ ст., - наглядная ілюстрацыя тых значных змен у архітэктуры, якія адбыліся на працягу стагоддзя. Сваёй кампазіцыяй ён аддалена нягадвае Мірскі замак і ўяўляе сабой прамавугольны (88,6 х 95,6 м) замкнуты будынак. Жылыя карпусы з вежамі на вуглах утвараюць замкнёны квадратны двор. Аднак магутныя абарончыя сцены, характэрныя для замкавага будаўніцтва ХVІ ст., у Гальшанах саступілі месца фасаду жылога дома. Тут ужо няма надбрамнай вежы, а шасцікантовыя вежы сталі меншыя і больш стройныя. У іх размяшчаліся жылыя і гаспадарчыя памяшканні. Вежы яшчэ канчаткова не страцілі свайго абарончага значэння, аднак аснова абароны Гальшанскага замка перамясцілася ўжо на земляныя магугныя валы і вадзяныя равы, што абкружалі замак. ...
Багацця Сапегі хапіла нават на тры штучных возера, дно якіх выкладзена пліткай. Сапегі сабралі ўнікальную бібліятэку, калекцыю карцін і зброі. Насупраць замкавай брамы, на процілеглым баку падворка знаходзілася невялікая каплічка, убудаваная ў жылы корпус. ...
Ужо ў ХVІІ ст. Гальшанскі замак ад Сапегаў трапіў да іншых гаспадароў і на працягу стагоддзяў часта пераходзіў з рук у рукі. У 1880 г. уладальнік замка Гарбанёў пачаў узрываць вежы і сцены, а цэглу прадаваў на пабудову карчмы. ...
Усе мы ў дзяцінстве захапляліся раманам Уладзіміра Караткевіча "Чорны замак Альшанскі". Многія лічаць, што прататыпам "Чорнага замка Альшанскага" з'яўляецца Гальшанскі замак, а гісторыя рода князёў Гальшанскіх лягла ў аснову сюжэта знакамітага рамана. Але, як пісаў гальшанцам сам У.Караткевіч, "не трэба шукаць у рамане простага фотаздымка з Гальшан".
Літ.:
Міхась Ткачоў
Страчаная спадчына
Мінск, 2003
М.А. Ткачоў, I.М. Чарняўскі
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць
Мінск, Беларуская Энцыклапедыя, 1986
Ч.Ф.Акулевіч
Загадчык гальшанскага філіяла Нацыянальнага мастацкага музея.
Сядзіба Чапскіх у Прылуках — адзінаая, якая адносна добра захавалася ў Менскім раёне. Яна размешчана пры старым «кацярынінскім» тракце. Стварэнне сядзібы пачалося, відаць, у другой палавіне 18 ст. Да 1740 г. на гэтым месцы быў праваслаўны манастыр. Першымі вядомымі ўладальнікамі маёнтка з'яўляліся Стэцкевічы, Агінскія, Іваноўскія. Пасля смерці Максіміляна Іваноўскага маёнткам валодала яго ўдава Магдалена, народжаная Прушынская. У 1805 сядзіба перайшла дачцэ Людвікі. Вядома, што першы палац, авеяны легендамі, быў двухпавярховы, мураваны, чатырохвугольны ў плане. Паэт А.Э. Адынец у баладзе называў яго «Зачараваным замкам». Магчыма, з замкам 18 ст., размешчаным на высокім узгорку, належыць звязваць тэрасаванне схілу ўзгорка і фармаванне рэгулярнага парку.
У першай палове 19 ст. маёнтак у якасці пасагу Людвікі Іваноўскай перайшоў Францішку Оштарпу. У 1851 г. маёнтак атрымала ў спадчыну дачка Леана Оштарпа Людвіка, і ён як пасаг перайшоў ва ўладанне вядомаму аграному Атону Гарвату. З Гарватамі звязана эпоха вялікіх пераўтварэнняў у сядзібе. Былы «Зачараваны замак» перароблены ў цудоўны палац у псеўдагатычным стылі, а вакол быў разбіты парк. Рэканструкцыю старога палаца пачаў Леан Оштарп у 1850 г. Будынак манастыра у выглядзе вялікага чатырохвугольніка быў умацаваны вежамі і ўпрыгожаны крапаснымі зубцамі. Нагляд за вядзеннем работ ажыццяўляў менскі губернскі архітэктар К. Хрышчановіч. Сядзіба стваралася ў духу адыходзячага рамантызму. Яго выяўленню спрыялі легенды пра былы «Зачараваны замак», успаміны пра пахаваную жыўцом дзяўчыну-служанку, а таксама руіны і збудаванні мінулых стагоддзяў. Падкрэсленая ўвага да гэтай эпохі выявілася ў авалоданні форм псеўдаготыкі, ідэалізацыі сярэдневякоўя, захапленні гістарычным матэрыялам, экзотыкай, паглыбленнем у сімбалізм і дэкаратыўнасць: упрыгожванне палаца шматлікімі вежамі і вежкамі, будаўціцтва неагатычнай вежы з гадзіннікам, вежы ў стылі кітайскай альтанкі ... .
Літ.:
А.Т. Федарук.
Мінск, Беларуская Энцыклапедыя, 1998.
Былы францысканскі кляштар з касцёлам св. Яна знаходзіцца ў цэнтры Гальшанаў. Будынак касцёла ўзведзены ў пачатку 16 ст. і прыстасаваны пад кальвінскі збор. У 1618 г. кальвінскі збор перабудаваны па фундацыі Паўла Сапегі для манахаў-францысканаў, якіх ён запрасіў сюды і заснаваў для іх кляштар. Тады ж быў пабудаваны жылы корпус. У пачатку 1770-х гг. будынак разабраны амаль да падмурка і на яго месцы пабудаваны новы каталіцкі храм. Перад касцёлам у 1-й палове 19 ст. пастаўлена 2-ярусная 4-гранная брама-званіца, вырашаная ў стылі позняга класіцызму з выкарыстаннем элементаў дарычнага ордэра. Кляштар скасаваны паводле царскага ўказа ад 19.7.1832 г. Пасля 1944 г. касцёл прыйшоў у заняпад. Адноўлены (архіт. У.С. Маскалёў), дзейнічае.
Касцёл — помнік архітэктуры ранняга барока. 3-нефавая бязвежавая базіліка. Вылучаецца ўзбуйненымі прасторава пластычнымі архітэктурнымі аб'ёмамі. У іх яруснасці пануе прамавугольны аб'ём цэнтральнага нефа, які пераходзіць у магутную паўкруглую апсіду. 3-нефавая структура храма вязкамі пілястраў вылучана на франтальным 3-часткавым фасадзе падзеленым развітымі інтэнсіўна крапаванымі і складанапрафіляванымі антаблементамі на 3 ярусы і завершаным фігурным франтонам. Плаўныя і мяккія пераходы ярусаў у пірамідальную кампазіцыю зліваюцца выгінамі валют і ўвагнутымі бакавымі адхіламі. Бакавыя фасады апрацаваны парнымі пілястрамі, расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі ў плоскіх ліштвах. Барочна-пластычную трактоўку атрымаў і аб'ём апсіды: франтон фігурны, крапаваны пілястрамі. ...
А.М. Кулагін
Каталіцкія храмы на Беларусі
Мінск, Беларуская Энцыклапедыя, 2000.
У лясным узвышшы каля вёскі Цюпішкі на Ашмяншчыне мэмарыялізаваны адзін з элемэнтаў знакамітай геадэзічнай Дугі Струвэ, закладзены яшчэ ў 1825 годзе.
Гіганцкі ланцуг з 265 геадэзічных пунктаў расьцягнуўся больш чым на 2800 кілямэтраў ад Паўночнага Ледавітага акіяну да Чорнага мора, па тэрыторыі 10 цяперашніх дзяржаў — Нарвэгіі, Швэцыі, Фінляндыі, Расеі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Беларусі, Малдовы і Ўкраіны. Адзіная, але глябальная мэта праекту — дакладна вызначыць форму і памер плянэты Зямля. Што з посьпехам і зрабіў расейскі астраном і геадэзіст нямецкага паходжаньня, акадэмік Санкт-Пецярбурскай Акадэміі навук Фрыдрых Георг Вільгельм Струвэ, імя якога было прысвоена ўсяму маштабнаму праекту.
Унікальнасьць тых дасьледаваньняў пацьвярджаюць і сучасныя навукоўцы, узброеныя касьмічнымі здымкамі. Адметна, што з улікам часовых зьменаў рэльефу мясцовасьці розьніца паміж цяперашнімі і тагачаснымі вымярэньнямі мэрыдыяну склала крыху больш за 3 сантымэтры.
Беларусь у адзначэньні эпахальнасьці Дугі Струвэ займае асаблівае месца. Са згаданых 265 пунктаў — закапаных у зямлю каменных кубоў памерам 2?2 мэтры — захаваліся ўсяго 34. Дык вось, 19 зь іх знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. У 2005 годзе на хадайніцтва ўрадаў 10 краінаў, праз якія пралягае гэты геадэзічны ланцуг, Дуга Струвэ атрымала статус помніка Ўсясьветнай спадчыны. У сьпісе ЮНЭСКА і 5 беларускіх геаграфічных прадстаўнікоў — тры на Берасьцейшчыне і два на Гарадзеншчыне, адзін з якіх у вёсцы Цюпішкі.
Крыніца - Радыё Свабода - http://www.svaboda.org
Касцёл Святых апосталаў Пятра й Паўла і манастыр базыльянаў.
(Баруны. Касцёл Святых апосталаў Пятра й Паўла.)
Святыня базыльянскага манастыра ў в. Баруны з'яўляецца цікавым прыкладам своеасаблівага спалучэння «брамкавага» фасада з вышыннымі дамінантамі ў сістэме віленскага барока. Дарэчы, гэты помнік і знаходзіцца непадалёку ад Вільні, прыблізна пасярэдзіне паміж полацкім і слонімскім рэгіёнамі. Па звестках даследчыка «барунскай гісторыі», краязнаўцы, паэта і перакладчыка Пётра Бітэля, на мяжы XVI—XVII ст. у Барунах будаваўся драўляны касцёл (згарэў яшчэ незавершаны) і да канца XVII ст. тут не было іншых культавых збудаванняў.
У 1692 г. намаганнямі ксяндза Мікалая Песьляка закладзена уніяцкая царква ў гонар З'яўлення Дзевы Марыі і заснаваны манастыр. У 1700 г. з мястэчка Вішнева «разам з маёмасцю і настаўнікам» сюды пераведзена базыльянская школа, спачатку 3-гадовая, а з 1780 г. — 6-гадовая (праіснавала да 1833 г.). Па ўзроўню і выніках сваёй адукацыйнай дзейнасці базыльянскі ордэн саступаў толькі ордэну езуітаў. У XIX ст. барунская базыльянская школа стала знакамітай дзякуючы сваім выхаванцам, якія пакінулі выдатны след у навуцы, культуры і грамадскім жыцці Беларусі, Літвы, Польшчы. Сярод іх вядомыя пісьменнікі, сябры Адама Міцкевіча — Антон Эдвард Адынец і Ігнацій Ходзька.
Базыльяне прывезлі з сабою цудатворны абраз Маці Божай і пачалі будаваць мураваную царкву (згарэла разам з усім мястэчкам у 1707 г.). Рашэннем Варшаўскага сейма ў 1710 г. былі вылучаны сродкі на аднаўленне пабудоў, аднак работы спынены ў 1711 г. — з-за «морового поветрия». Новая фундацыя (1715 г.) належыць мітрапаліту кіеўскаму і галіцкаму Л. Кішку, які, відавочна, апекаваў уніяцкае будаўніцтва гэтага рэгіёну. Існуючы мураваны храм пабудаваны ў 1747—1753 гг. паводле «ўласнага абрысу» архітэктарам Аляксандрам Асікевічам. Будаўнічыя кантракты з ім ад 1747—1748 гг. выяўлены Э.Лапацінскім. Пратакол 1756 г. таксама пацвярджае аўтарства А. Асікевіча. Для афармлення інтэр'ера, якое працягвалася да 1770 г., базыльяне запрашалі лепшых майстроў з Вільні і Мінска. ...
Крыніцы: Т.В. Габрусь, А.М. Кулагін.
Няма надпіса, намя доказаў, хто будаваў. Таму на прасторах нэта ідуць пастаянныя спрэчкі каму ж належыць яго будаўніцтва.
Версія 1. Помнік будавалі палякі ў гонар трох паходаў палякаў на ўсход. У некаторых крынічах яны прыводзяць нават дакладны тэкст які быў на мануменце “У гонар трох паходаў палякаў і вызваленне Каменданта”. Тры паходы – першы гэта 1604 год і паход на Маскоўскую дзяржаву; другі паход – вайна 1812 года ў войску Напалеона, трэцці – вайна 1919-20-х гадоў. Яшчэ адным козырам у гэтай версіі іграе і тое, што ў лесе знаходзяцца польскія ДОТы з надпісамі на польскай мове (аб іх ніжэй). Што тычыцца надпіса пра вызваленне Каменданта, то таксама існуе паданне нічым не абгрунтаванае, што ў гэтым мясцінах амаль патрапіў у палон да бальшавікоў сам Юзаф Пілсудскі, але мясцовы жыхар жыд Ліскевіч пераапрануў яго ў халат жонкі і загадаў даіць карову, а пасля вывеў да абарончых збудаванняў палякаў. А на грошы якія яму пакінуў Пілсуцкі з падзякай за вызваленне ён пабудаваў паравы млын.
Версія 2. Помнік будавалі немцы ў гады Першай сусветнай вайны, бо арол больш нагадвае нямецкага арла чым польскага. Капальнікі на форумах распавядаюць, што каля тых жа ДОТаў знаходзяць толькі нямецкія гільзы Першай сусветнай.
Версія 3. Помнік будавалі палякі па замове немцаў ды на нямецкія грошы. Будоўля адбывалася ў часы, калі Заходняя Беларусь адыйшла да Польшчы, т.е. 1930-я.
Аб гэтым нам распавяла AzarkinM.
Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі размешчаны на вул. Міцкевіча Гарадзішча, абкружаны бутавай агароджай. Пабудаваны ў XVIII ст. з цэглы на месцы заснаванага ў 1640 (1632) г. полацкім ваяводам Янам Камінскім манастыра базыльян, пераведзенага сюды з Монтэ-Касіна. Папярэдні драўляны касцёл пабудаваны ў 1494 г. Некрашам Валадковічам. У 1866 г. касцёл закрыты. 25 красавіка 1867 г. у сувязі з пераводам большасці насельніцтва ў праваслаўе намаганнямі прыхільніка рускай праваслаўнай царквы навагрудскага спраўніка Е.А. Леслі перададзены ў валоданне праваслаўнага духавенства паводле загаду губернскага начальства. Касцёл быў прыстасаваны для праваслаўнага набажэнства і асвячоны ў Свята-Троіцкую царкву мясцовым благачынным 19 сакавіка 1868 г. У снежні 1872 г. уладальнік маёнтка, прыхільнік праваслаўя Леанід Аляксандравіч Спічакоў (рускі грамадскі дзеяч), падаў запіску старшыні дэпартамента дзяржаўных эканомій Дзяржаўнага савета генерал-ад'ютанту Канстанціну Уладзіміравічу Чэўкіну аб неабходнасці перабудовы касцёла па канонах праваслаўнай царквы. У студзені 1873 г. губернскім архітэктарам Івановым праведзены агляд храма і складзены праект яго перабудовы. Але праект не задаволіў улады. Было вырашана патрабаваць ад царкоўна-будаўнічай прысутнасці пакінуць храм у ранейшым выглядзе з надбудовай толькі вежы над левай рызніцай апсіды і званіцы, пяцікупалля над дахам, што і было выканана архітэктарам С.П. Івановым. Работы па рэканструкцыі пачаліся ў ліпені 1874 г. і закончыліся толькі ў канцы 1876 г. пры дзейсным удзеле начальніка губерні Валерыя Іванавіча Чарыкава. У 1919 г. царква зноў ператворана ў касцёл, у 1930 г. касцёл перабудаваны. У пасляваенны час выкарыстоўваўся пад мэблевы склад.
Касцёл аднанефавы з прытворам, скарочанымі крыламі трансепта і магутнай паўкруглай апсідай, двухсхільны дах над якой пераходзіць уступам у канічнае пакрыццё. Раней дах завяршаўся маляўнічым пяцікупаллем. Дынаміку архітэктурнай кампазіцыі ўзмацняе асіметрычна прыбудаваная званіца.
А.М. Кулагін.
Касцёл Яна Хрысціцеля ў Сталовічах - адзіны ў ВКЛ належаў ордэну кавалераў мальтыйскіх ці іанітаў, якіх асадзіў тут у 1616 г. сын Радзівіла Сіроткі — Жыгімонт Караль, які атрымаў у Італіі званне камандора мальтыйскага ордэна. У 1637—1639 гг. манахі змуравалі невялікую прамавугольную ў плане капліцу, асвячоную ў гонар Маці Божай Латэранскай. 3 інвентару 1724 г. вядома, што кляштар і шпіталь пры ім у той час былі драўляныя. Па-другое, дакументальна пацверджана, што ў будаўніцтве мураванага касцёла ў Сталовічах з невялікім прамежкам у часе прымалі ўдзел два найбольш славутыя архітэктары віленскага барока — I. Фантана III і І.К. Глаўбіц.
Будаўніцтва пачалося ў 1740 г. на ахвяраванні Сымона Дамброўскага, камандора познаньскага, паводле праекта І.Фантана, які ўключыў у тэктоніку новага храма старажытную Латэранскую капліцу, дакладней, далучыў іх адзін да аднаго. Новы касцёл уяўляе познебарочную трохнефавую базіліку без трансепта з двухвежавым фасадам-нартэксам і прамавугольным алтарным завяршэннем цэнтральнага нефа, да якога па падоўжнай восі прылягае Латэранская капліца, злучаная з ім уваходам. Па баках капліцы, якая трактавана як пазаалтарнае памяшканне, амаль сіметрычна ўбудаваны сакрыстыі, скарбніца і іншыя дапаможныя памяшканні. Сячэнне апорных слупоў базілікі, запраектаванай I. Фантана, надзвычай складанае, яны нагадваюць у плане васьміканцовы латарынгскі крыж. Крок слупоў нераўнамерны, пульсуючы, адпаведна гэтаму арытмічна згрупаваны тонкія спараныя падпружныя аркі. У выніку ўзнікае адчуванне экстатычнасці ўнутранай прасторы, якое ўзмацняецца пышным дэкаратыўна-пластычным аздабленнем, выкананым па праекце Глаўбіца. Яму належыць таксама складаная архітэктанічная алтарная кампазіцыя, што абрамляе ўваход у Латэранскую капліцу, над якім размешчаны ляпны картуш з рэльефнай выявай галавы Яна Хрысціцеля. У інвентары касцёла 1849 г. з захапленнем адзначана, што ён «у найлепшым архітэктанічным гусце вымураваны, асабліва інтэр'ер прыгожы, узвышаны і з густам».
Т.В. Габрусь
Пабудаваны ў 1907-11 гг. з цэглы на сродкі парафіян мястэчка Сталовічы.
Помнік архітэктуры неаготыкі. 3-нефавая 1-вежавая базіліка. Прамавугольны ў плане аб'ём накрыты агульным 2-схільным дахам, расчлянёным 3-вугольнымі слыхавымі вокнамі і закрытым над апсідай зубчатым шчыпцом. Дамінантай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі з'яўляецца 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) званіца, завершаная высокім шпілем. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны стральчатымі вокнамі-біфорыумамі і контрфорсамі ў прасценках і па вуглах сцен. Галоўны ўваход вырашаны магутным перспектыўным парталам і фланкіраваны 3-ступеньчатымі контрфорсамі, завершанымі высокімі фіяламі з крабамі. Падобныя завяршэнні маюць вуглавыя фіялы шчыпца 3-граннай апсіды. Архітэктурная выразнасць дасягаецца багаццем краповак, профіляў і абломаў, выкананых цаглянай муроўкай, насычаным каларыстычным вырашэннем (ярка-чырвоны фон адкрытай цаглянай муроўкі, светлыя бляшаныя пакрыцці, паліхромія бутавага цокаля).
У інтэр'еры ў формах готыкі выкананы драўляны 1-ярусны алтар, у цэнтры якога ў стральчатай нішы з востравугольным вімпергам пастаўлена драўляная скульптура Хрыста.
Крыніца:
А.М. Кулагін
Каталіцкія храмы на Беларусі
Мінск, Беларуская Энцыклапедыя, 2000
11 чэрвеня 1933 года на плошчы Парыжскай камуны адбылася ўрачыстая закладка будынка.
Па выніках конкурсу архітэктарам стаў І. Лангбард. Умяшчальнасць была на 1200 гледачоў. Існуе легенда, што Янка Купала, убачыўшы праект, выклікнуў: «А летуценны хлопец гэты Лангбард!». Будаўніцтва тэатра завяршылася ў 1938 годзе.
Будынак тэатра адкрыўся 10 мая 1939 года прэм'ерай оперы беларускага кампазітара Яўгена Цікоцкага «Міхась Падгорны».
Унутранае ўбранне даваеннага тэатра было досыць аскетычным: глядзельная зала, вырашаная ў выглядзе амфітэатра, невялікія балконы і аркестравая яма. Партал сцэны меў вузкую паласу ляпных дэкаратыўных элементаў. З першапачатковых інтэр'ераў захаваліся толькі нахільная кесаніраваная частка столі з прафіляваным карнізам, а таксама люстра глядзельнай залы.
Таму ўжо ў 1941 годзе пачаліся першыя перабудовы аскетычных інтэр'ераў.
У 1941 годзе ў тэатр трапіла бомба і пашкодзіла глядзельную залу. Падчас нямецкай акупацыі 1941—1944 гадоў тэатр быў пераўтвораны ў стайню і сховішча. Інтэр'еры і ўпрыгожванні былі разрабаваны: у Германію вывезлі люстэркі, мэблю, люстры, дываны, карціны, унікальныя рэчы з тэатральнага рэквізіту і дэкарацый. Люстра глядзельнай залы ў гады вайны страціла каля 40 % шкляных дэталяў. Сам будынак немцамі планавалася падарваць, усе памяшканні былі замінаваны.
Па вяртанні ў Мінск пасля вызвалення яго ад нямецкіх акупантаў І. Р. Лангбарда, ён распрацаваў практычна новае рашэнне інтэр'ераў: замест амфітэатра выканана класічная тэатральная зала з партэрам, ложамі ў бельпаверсе, бенуарам і яруснымі балконамі. Былі выдзелены цэнтральная і бакавыя ложы, павялічана аркестравая яма, выкладзены новы паркет, праведзена частковая рэканструкцыя парадных лесвіц. У інтэр'еры фае з'явілася вялікая колькасць ляпных дэкаратыўных элементаў: шэраг медальёнаў, размешчаных на фрызах, з барэльефнымі партрэтамі дзеячаў культуры, гіпсавыя капітэлі калон. Агароджы балконаў фае і глядзельнай залы ўпрыгожвалі ляпныя гірлянды з кветкавым арнаментам.
Перейти к странице: