Статистика
Вёска Нарач (назва існуе ад 1964 г.) у XV стагоддзi насіла назву Medal Minor, ад XVI стагоддзя паселішча згадваецца пад назвай Кабыльнік. У 1434 г. князі Свірскія заснавалі тут касцёл святога Андрэя Апостала. На памятнай дошцы касцёла чытаем, што першая святыня была драўляная.
У 1651 г. князі Свірскія ўзводзяць новы будынак касцёла святога Андрэя, аднак яго знішчылі падчас «нашэсця Масквы» ў вайну 1654- 1667 гг. У 1736 г. касцёл святога Андрэя рэканструаваны на сродкі дзедзіча Кабыльніка Марціна Аскеркі, кашталяна наваградскага. У гэтыя часы касцёл апісваюць як святыню «немалых памераў», інтэр’ер якой упрыгожвалі 6 алтароў.
У 1897 г. закладваюцца падмуркі новай каменнай святыні ў неагатычным стылi, якая ў 1901 г. была асвечаная, і ў 1904 г. кансэкраваная. Касцёл пабудаваны з чырвонай цэглы на падмўрку з гранітных блокаў. Зараз у касцёле ёсць чатыры алтары. У галоўным па-ранейшаму захоўваецца абраз Маці Божай (у народзе называнай Анёльскай - успамiн 2 жнiўня), у бакавых навах: злева - святога Андрэя, i святога Антонiя, справа - святога Роха. Пры касцёле святога Андрэя дзейнічалі школа i шпіталь. У Нарачы дзейнiчае таксама праваслаўная парафiя. Лёс храма быў журботны - ён быў зачынены ў пасляваенны перыяд. Зараз адрэстаўраваны зноў служыць вернікам.
Пасля другой сусветнай вайны бязбожныя ўлады спрабавалi зачынiць i касцёл, аднак парафіяне, дзякуючы сваёй стойкасцi ў веры, здолелi захаваць дом Божы ад знiшчэння. Хоць апошні пробашч быў пасадзаны ў турму, а пазней змушаны пакiнуць Беларусь і парафiя засталася без святара, то людзi самi малiлiся ў святынi, спадзяючыся на лепшае i стараючыся атрымаць ад улады дазвол для святара. З цягам часу дазвол быў выдадзены. Сюды стаў прыезжаць спачатку перыядычна, а пазней рэгулярна кс. Люцыян Паўлiк з Задарожжа. Ад 1989 года тут служаць кармелiты босыя. У парафii адзначаюцца ўрачыста днi святога Антонiя (13 чэрвеня), святога Роха (16 жнiўня) i святога Андрэя Апостала (30 лiстапада).
Пробашч – а. Бярнард Радзік OCD
Манументальны помнік архітэктуры барока дунілавіцкі Троіцкі касцёл стаіць у цэнтры мястэчка, што раскінулася на маляўнічай узгоркавай мясцовасці над возерам Свідна, пры старажытным дзяцінцы з Полацка на Вільню. Пабудаваны ў 1769—1773 гг. з цэглы пры двухпавярховым мураваным кляштары дамініканцаў (не збярогся). Асвячоны віленскім біскупам Феліксам Тавяньскім. Да яго тут стаяў драўляны касцёл, заснаваны ў перыяд росквіту дзейнасці ордэна ў 1683 г. па фундацыі Елізаветы Белазёр (Эльжбета Ісайкоўская-Белазор).
У 1866 г. храм канфіскавала маскоўская царква. Насупраць быў пастаўлены драўляны касцёл, які згарэў у 1890 г., пасля чаго было забаронена яго аднаўленне. Таму вернікі па-за мястэчкам збудавалі новы драўляны храм. З 1919 г. зноў дзейнічае як касцёл (на 1932 г. налічваў 7600 парафіян). Вырашаны па каноне трохнефавай двухвежавай базілікай з трансептам і прамавугольнай апсідай. Двухсхільныя дахі крылаў трансепта і цэнтральнага нефа закрыты па тарцах фігурнымі франтонамі. Над развітым антаблементам галоўнага фасада ўзнесены дзве чацверыковыя, са скошанымі вугламі, двух'ярусныя вежы, завершаныя паўсферычнымі купаламі з дэкаратыўнымі ліхтарамі. Паміж вежамі ўзвышаецца фігурны шчыт з валютамі ў аснове, над апсідай — шчыт са складана крапаваным франтонам, выгнутыя фасады бакавых крылаў трансепта таксама завершаны фігурнымі франтонамі. Бакавыя фасады расчлянёны лучковымі вокнамі і спаранымі пілястрамі ў прасценках, будынак апяразаны шырокім прафіляваным карнізам. У аздабленні фасадаў выкарыстаны плоскія і ўвагнутыя пілястры, прафіляваныя цягі, раскрапоўкі, валюты, плоскія лучковыя нішы і вокны. Уваход вылучаны парталам, створаным у XIX ст. у стылі класіцызму. Унутры цыліндрычныя і крыжовыя скляпенні нефаў трымаюцца на падпружных арках паміж імі, насценных пілястрах, размаляваных раслінным арнаментам і картушамі. Апсіда ўпрыгожана двух'ярусным стукавым алтаром. Мастацкую каштоўнасць уяўляе каваная брама агароджы касцельнага пляца, вырашаная ў стылі ракако.
Т.В. Габрусь.
У інтэр'еры цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі на адзіночных падпружных арках. Міжнефавыя аркады падтрымліваюць падвойныя падпружныя аркі. Аналагічныя аркі падзяляюць травеі бакавых нефаў, у выніку чаго апорныя слупы атрымліваюць складаную канфігурацыю са шматлікімі раскрапоўкамі. Уся паверхня сцен і скляпенняў дэкарыравана фрэскавай размалёўкай у тэхніцы грызайль, якая «аптычна на муры» імітавала скульптурную лепку і архітэктурны стафаж. Ніжняя частка купала запоўнена ілюзорна-перспектыўнай архітэктурнай кампазіцыяй, на ветразях прадстаўлены выявы евангелістаў, на консе апсіды і тарцах прэсбітэрыя — святых і анёлаў. Над уваходам размешчана пано-картуш з выявамі двух воінаў са шчытамі і воінскімі атрыбутамі.
Крыніца:
Т.В. Габрусь
Мураваныя харалы
Найбольш познім помнікам езуіцкага храмабудаўніцтва паўночнага рэгіёну Беларусі з'яўляецца касцёл св. Тадэвуша ў маёнтку Лучай былога Віленскага ваяводства, які з 1731 г. належаў Агінскім. Велічная трохнефавая крыжова-купальная базіліка з двухвежавым фасадам-нартэксам змуравана ў 1766—1777 гг. па фундацыі Тадэвуша Агінскага і яго жонкі Эльжбеты (з Пузынаў), асвячона ў 1777 г. віленскім біскупам Феліксам Тавяньскім.
Лучайская святыня шмат у чым нагадвае зруйнаваны полацкі касцёл езуітаў: аднолькавая колькасць апорных слупоў базілікі і канструкцыйна выяўлены двухвежавы фасад-нартэкс, у якім першае гарызантальнае чляненне праходзіць на ўзроўні карніза цэнтральнага нефа. Ёсць і пэўныя адрозненні ў тэктоніцы збудаванняў: алтарная частка лучайскага касцёла мае лучковае, а не прамавугольнае завяршэнне, а крылы трансепта не выступаюць за межы прамавугольнага плана. Самае ж істотнае — купал на сяродкрыжжы схаваны ў канструкцыі двухсхільных дахаў і звонку не выяўлены. Сухаватая рацыянальнасць кананічнай кампазіцыі гэтай езуіцкай базілікі, выкарыстанне ў яе дэкаратыўнай пластыцы дарычнага ордэра, характэрнага для класіцызму, важкаватасць вянчаючых мас збудавання сведчаць пра пэўны заняпад высокага віленскага барока і пераход да новай плыні, так званага барочнага класіцызму, знітаванага з эпохай Асветніцтва ў Заходняй Еўропе. Невыпадкова М.Маралёўскі звязваў стылістыку і нават аўтарства лучайскага касцела з іменамі вядомых архітэктараў пераходнага перыяду ад барока да класіцызму — Тамаша Жаброўскага і Карла Спампані. У 1770-я гг. К. Спампані быў цесна звязаны з Віленскай акадэміяй езуітаў, дзе выкладаў архітэктуру.
Т.В. Габрусь
Мураваныя харалы
Мінск, "Ураджай", 2001
Помнік архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў.
(Зембін. Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, руiны #1.)
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар дамініканаў — помнік архітэктуры XVIIIУ 1609 годзе (паводле іншых зьвестак, у 1640) падкаморы ашмянскі Адам Мацей Саковіч і ягоная жонка Мар’яна (з Тышкевічаў) фундавалі ў Зэмбіне кляштар дамініканаў. Неўзабаве ў мястэчку збудавалі драўляныя касьцёл і кляштар. Пры кляштары дзейнічаў шпіталь і школа, існавала бібліятэка.
У 1766 годзе ўладальнік Зэмбіна Адам Храптовіч выдзяліў сродкі на будаваньне мураванага кляштару. У 1790 годзе стары драўляны будынак згарэў. У 1790—1809 гадох будаваўся новы мураваны касьцёл, асьвечаны 15 жніўня 1809 году.
Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793) касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1833 годзе ўлады Расейскай імпэрыі ліквідавалі кляштар, па чым касьцёл дзейнічаў як парафільны.
У 2-й палове XIX ст. расейскія ўлады зруйнавалі будынак кляштару (імаверна, захаваліся падмуркі). У пачатку XX ст. вернікі на ўласныя сродкі адрамантавалі касьцёл.
За савецкім часам касьцёл дзейнічаў да 1933 году і пэўны час у Другую сусьветную вайну.
Касьцёл — бязьвежавая 3-нэфавая базыліка з паўкруглай апсыдай. Высокі 2-схільны дах на галоўным фасадзе закрываецца фігурным франтонам, узьняты на магутны атык і дэкараваны вазонамі. Над алтарнай часткай узвышалася 2-ярусная сынатурка. Аркавую нішу франтона ўпрыгожвае скульптура Маці Божай.
Унутраная прастора перакрываецца крыжовымі скляпеньнямі на падпружных арках. Інтэр’ер упрыгожваў галоўны алтар з абразом Хрыста пэндзля Яна Дамеля і бакавыя алтары Маці Божай Шкаплернай, Сьвятога Язэпа, Ўкрыжаваньня і Сьвятога Антонія. На бакавых сьценах была сэрыя тэракотавых пано з сцэнамі Крыжовага шляху. Існавалі драўляны амбон, арган, жырандолі.
Барысаў.Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.
(Барысаў.Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.)
На вул. 3-га Інтэрнацыянала, з боку ад старажытнай гандлёвай плошчы Стара-Барысава. Пабудаваны ў 1823 г. з цэглы намаганнямі ксяндза А. Гзоўскага (фундатар гарадскі староста А. Казаноўскі) на месцы драўлянага касцёла Дзевы Марыі (Фарнага) 1642 г., які згарэў у 1806 г. Перабудаваны ў 1836—37 гг. Пасля паўстання 1863—64 гг. закрыты, у 1899 г. адноўлены. У час пажару ў 1900 г. касцёльныя будынкі згарэлі. Пры касцёле існавалі парафіяльная і павятовая школы.
Храм пабудаваны ў стылі позняга класіцызму паводле канона 3-нефавай 2-вежавай базілікі. У 2-й палове 19 ст. бакавыя вежы знесены і па цэнтры фасада ўзведзена масіўная 5-ярусная (2 васьмерыкі на 3 чацверыках) вежа-званіца з высокім гранёным шпілем і крыжам ажурнай мастацкай коўкі. Першапачаткова ўваходны партал быў вырашаны манументальным класіцыстычным порцікам, у 1830 г. замест калон узведзена вежа, у яе ніжнім ярусе створаны 3 арачныя ўваходы, аформленыя класічнымі пілястравымі парталамі з 3-вугольнымі франтонамі, цэнтральны з якіх фланкіраваны 2 ярусамі арачных экседраў. Бакавыя нефы на фасадзе вылучаліся магутнымі арачнымі аконнымі праёмамі і прамавугольнымі парапетамі ў завяршэнні. Аб'ём цэнтральнага нефа больш высокі, накрыты 2-схільным дахам, які над прамавугольнай апсідай утварае 3-вугольны франтон, завершаны чацверыковай сігнатуркай. У верхняй частцы сцен цэнтральнага нефа размешчаны паўкруглыя люкарны, бакавыя фасады рытмічна расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі і буйнымі пілястрамі ў прасценках, апяразаны шырокім карнізам на дэнтыкулах.
Унутраная прастора падзелена на нефы магутнымі архаічнымі канеліраванымі калонамі дарычнага ордэра, якія падтрымліваюць высокі, буйна члянёны антаблемент з трыгліфным фрызам. Цэнтральны неф быў перакрыты цыліндрычным скляпеннем на падпружных арках, бакавыя — крыжовымі. Над уваходам — хоры, пад будынкам — склепы.
У галоўным алтары, вырашаным 4-калонным порцікам з разарваным франтонам, знаходзіўся цудатворны абраз Маці Божай.
А.М. Кулагін
Каталіцкія храмы на Беларусі
Храм размешчаны ў Стара-Барысаве, на гандлёвай плошчы. Пабудаваны ў 1874 г. з чырвонай цэглы на месцы драўлянай Васкрасенскай царквы 1620 г. ці 1640 г. (згарэла ў 1865 ці ў 1867 г.).
Помнік архітэктуры рэтраспектыўна–рускага стылю са стылізацыяяй формы маскоўска-яраслаўскага царкоўнага дойлідства ХVII ст. Крыжовы ў плане 3-апсідны 9-купальны храм. Цэнтральны, кубападобны 2-ярусны аб’ём завершаны 4-схільным дахам з цыліндрычным светлавым барабанам і цыбулепадобным купалам над апсідай і бакавымі прыдзеламі з аналагічнымі барабанамі і галоўкамі. Фасады багата аздоблены дэкаратыўнымі элементамі: какошнікамі, ліштвамі арачных аконных і двярных праёмаў з 3-вугольнымі і паўкруглымі франтонамі, вуглавымі руставанымі пілястрамі, прафіляванымі карнізамі, філёнгамі, якія кантрасна вылучаюцца на чырвоным фоне мураванкі. Галоўны арачны ўваход падкрэсліваюць вялікія парталы ў выглядзе прафіляраванай аркі на 4 бочковых слупах.
У 1907 г. на восі храма пастаўлена цагляная брама–званіца, узведзеная архітэктарам В. І. Струевым у тым жа стылі, што і храм: 3-яруснае (васмярык на 2 чацверыка) вежападобныя шатровыя збудаванні, завершаныя макаўкай.
Саша Д.
Старадаўні мемарыял пад назвай «Брылёўскае поле» складаецца з некалькіх помнікаў, якія размешчаны ў месцы вырашальнай бітвы паміж Рускім і Напалеонаўскім войскам. Помнік існуе таму, што ў выніку паражэння войска Напалеона спынілі сваё існаванне менавіта тут, на гэтых землях.
Падчас тых самых баёў на Бярэзіне, якія доўжыліся чатыры дня ў лістападзе 1812 года, з абодвух бакоў загінулі каля 50 тысяч ваяроў.
Гісторыя абвяшчае, што ў тыя далёкія часы на беразе Бярэзіны, на тэрыторыі Брылёўскага поля, развязваўся лёс не толькі самога Напалеона і яго войска, але і цэлай Еўропы.
У 1836 годзе на гэтыя землі прыбыў дэлегат генштаба рускага войска палкоўнік Якаўлеў, каб асабіста прыняць на сябе кіраўніцтва над працамі па ўзвядзенні мемарыялаў на пунктах былых французскіх мастоў. Да таго часу сведчанні гістарычных падзей былі разбураны да асновы.
На адкрыццё дадзенага манумента прыехала дэлегацыя французаў, чые прадзеды загінулі на берагах Бярэзіны. Кіраваў дадзеным мерапрыемствам дырэктар парыжскага цэнтра напалеонаўскіх вывучэнняў Фернан Бакур. У гэтай цырымоніі бралі ўдзел палітыкі многіх краін, царкоўныя службоўцы, прадстаўнікі розных грамадскіх арганізацый. Выступаў вайсковы духавы аркестр, раздаваліся залпы з гармат, ад якіх усё поле было зацягнута з'едлівым парахавым дымам.
У наш час, пераважна ў лістападзе, на Брылёўскім поле кожны год разгортваюцца касцюміраваныя бітвы, у якіх прымаюць непасрэдны ўдзел прадстаўнікі гісторыка-культурных клубаў многіх краін.
Пабудаван касцёл ў 1825 г. з цэглы па фундацыі ўладальніка маёнтка князя А.Чартарыйскага. Абнесена бутавай агароджай з 2-яруснай брамай-званіцай.
Помнік архітэктуры класіцызму. Вырашана цэльным прамавугольным у плане аб'ёмам пад 2-схільным дахам. Галоўны фасад завершаны 2-ярусным фігурным франтонам з увагнутымі бакавымі гранямі і цэнтральнай арачнай нішай, фланкіраванай 2 парамі пілястраў. Яркім дэкаратыўным элементам фасада з'яўляецца рама, размешчаная над цэнтральным уваходам і вырашаная паслядоўна ўпісанымі геаметрычнымі фігурамі — квадрата з раскрайаванымі вугламі і квадрата з 8-вугольнікам. Бакавыя аконныя праёмы фасада акаймоўваюць простыя ліштвы з несапраўднымі замковымі камянямі і архівольтамі. Фасады рытмічна расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі ў пластычных ліштвах і пілястрамі дарычнага ордэра ў прасценках, апяразаны спрошчаным антаблементам.
Унутры малітоўная зала перакрыта люстравым скляпеннем з падугамі; сцены апяразаны антаблементам, крапаваны пілястрамі. Над уваходам зроблены хоры, падтрыманыя 4 драўлянымі калонкамі. Алтарная частка вылучана іканастасам 4-яруснай 7-часткавай кампазіцыі, расчлянёным канеліраванымі пілястрамі. Завяршаюць кампазіцыю 5 фігурных франтонаў з бакавымі валютамі. Арнаментальна-дэкаратыўны акцэнт іканастаса — разныя царскія вароты. Абразы іканастаса размежаваны на 2 ярусы антаблементам з трыгліфным фрызам.
А.М. Кулагін
Праваслаўныя храмы на Беларусі
Мінск, Беларуская Энцыклапедыя, 2001
Вядомы з 1510 г., калі паводле прывілея Жыгімонта І Старога стаў уласнасцю маршалка гаспадарскага І.Храптовіча. 3 1575 г. вёска ў Мірскім графстве Навагрудскага ваяводства, уласнасць Радзівілаў. Знаходзілася на гандлёвым шляху з Менска ў Мір, мела карчму, млын, склады для тавараў. У 1647 г. у Жукавым Барку 6 двароў. У вайну Расеі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 г., ў 1660 г. каля вёскі Жукаў Барок варшанскі харунжы Кміціч разбіў адыходзячыя расейскія атрады. Пад ліцьвінскай зброяй палягло больш за 2000 расейскіх жаўнераў. У 1703(20?) г. пабудавана драўляная уніяцкая царква. 3 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, у 1795 г. — 27 жыхароў, 8 двароў. У 19 — пач. 20 ст. сяло ў Засульскай воласці Менскага павета, уласнасць Радзівілаў, Вітгенштэйнаў, Гогенлоэ. У пачатку 1880-х г. 140 жыхароў, 21 двор, 2 таржкі. У 1830—40-я г. тут у сям'і падлоўчага Радзівілаў прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады пісьменніка А.Плуга. У 1844—52 гг. у суседнім фальварку Залучча жыў У.Сыракомля. У 1921—39 гг. у складзе Польшчы ў Навагрудскім ваяводстве. 3 1940 г. у Аталезскім сельсавеце Стаўбцоўскага раёна БССР.
Радзіма філосафа С.Маймана. Каля вёскі помнікі археалогіі: паселішчы неаліту і бронзавага веку.
Валеры Шаблюк
Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.3.
Перейти к странице: